БУ́НКЕРНАЯ ЎБО́РАЧНАЯ МАШЫ́НА тарфяная, машына для збірання фрэзернага торфу з валкоў і транспартавання яго да месца складзіравання ў штабялях. Выкарыстоўваецца пераважна машына МТФ-43А, якой збіраецца торф на паліва, для брыкетавання ці патрэб сельскай гаспадаркі.

Складаецца са скрэпера, каўшовага элеватара, бункера з рухомым дном у выглядзе пласціністага або скрэпернага канвеера, гусенічнай цялежкі, трансмісіі (перадае вярчэнне ад вала трактара да каўшовага элеватара і канвеера дна бункера). Прадукцыйнасць 2 га/гадз, рабочая скорасць 7,8 км/гадз, ёмістасць бункера 17 м³ (мадыфікацыі бункернай ўборачнай машыны могуць мець і інш. ёмістасць). Сезонная прадукцыйнасць 12—25 тыс. т паветрана-сухога фрэзернага торфу. На Беларусі з дапамогай бункерных уборачных машын збіраецца больш за 95% фрэзернага торфу.

Б.Л.Багатаў.

т. 3, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)